КАМП’Ю́ТЭРНАЯ МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць электроннай музыкі. Заснавана на выкарыстанні камп’ютэраў, а таксама аснашчаных імі сінтэзатараў гуку. Камп’ютэры дазваляюць ствараць і ўзнаўляць больш за 100 электронных тэмбраў, імітаваць гучанне сімф. аркестра, джаза, рок-музыкі, пеўчага голасу і інш., пісаць музыку ў розных стылях і жанрах, для любога складу выканаўцаў, сінтэзаваць муз. і немуз. гукі. Напачатку К.м. стваралі кампазітар і праграміст, пазней і аматары, здольныя працаваць з ЭВМ. К.м. ўзнікла ў 1950—60-я г. Першыя ўзоры — «Іліякская сюіта» амер. кампазітара Л.​Хілера і праграміста Л.​Айзексана (1957). Сярод інш. прадстаўнікоў К.м. — кампазітары М.​Бэбіт, П.​Барба, К.​Штокгаўзен, Я.​Ксенакіс, П.​Шэфер, П.​Булез, С.​Грунберг, Э.​Арцем’еў, С.​Губайдуліна, У.​Мартынаў, Я.​Мурзін, бел. — В.​Раінчык, А.​Літвіноўскі, Дз.​Яўтуховіч.

Літ.:

Петелин Ю., Петелин Р. Персональный оркестр... в персональном компьютере. СПб., 1997;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)